ПРАДУКЦЫ́ЙНАСЦЬ ПРА́ЦЫ,
інтэнсіўнасць, эфектыўнасць у працэсе вытв-сці, колькасныя адносіны аб’ёму (масы) атрыманага прадукту да працы, затрачанай на яго выраб. Выражаецца колькасцю прадукцыі, зробленай за адзінку часу — выпрацоўкай, або затратай часу на адзінку прадукцыі — працаёмкасцю. Пад павелічэннем П.п. разумеецца эканомія затрат прац. часу на выраб адзінкі прадукцыі або дадатковая колькасць вырабленай прадукцыі за адзінку часу, што непасрэдна ўплывае на павышэнне эфектыўнасці вытв-сці (у адным выпадку скарачаюцца выдаткі на вытв-сць адзінкі прадукцыі, а ў другім — за адзінку часу вырабляецца больш прадукцыі). Павышэнне П.п. — гал. крыніца росту дабрабыту грамадства, развіцця яго вытв. сіл і вырашэння сац. праблем. Адрозніваюць прадукцыйнасць грамадскай і індывід. (жывой) працы, лакальную прадукцыйнасць. Прадукцыйнасць грамадскай працы падлічваецца адносінамі валавога ўнутранага прадукту (інш. аналагічнага паказчыка) да колькасці работнікаў, занятых у галінах матэрыяльнай вытв-сці і сферы паслуг. Яна адлюстроўвае эфектыўнасць жывой працы (мэтазгодную дзейнасць чалавека, затраты яго разумовай і фіз. энергіі) і эканомію грамадскай працы, арэчаўленай у сродках вытворчасці. На прадпрыемствах вызначаюць прадукцыйнасць індывідуальнай працы, якая адлюстроўвае час, неабходны для вырабу адзінкі прадукцыі або колькасці тавару, зробленага за пэўны перыяд часу. Лакальная прадукцыйнасць — сярэдняя П.п. рабочых (працуючых), разлічаная па прадпрыемстве або галіне ў цэлым. Адрозніваюць натуральны, прац. і грашовы метады вымярэння П.п. Пры натуральным метадзе яе ўзровень вызначаецца адносінамі колькасці прадукцыі ў натуральных адзінках вымярэння да затрат рабочага часу або да сярэдняспісачнай колькасці працуючых. Такі метад выкарыстоўваюць на прадпрыемствах, якія вырабляюць адзін від прадукцыі. а таксама для вымярэння ўзроўню П.п. на рабочых месцах і асобных участках вытв-сці. Яго вартасці — нагляднасць, прастата вылічэння, канкрэтнасць; недахоп — ужываецца пры выпрацоўцы аднаго віду прадукцыі. Варыянтам натуральнага метаду, які пашырае межы выкарыстання, з’яўляецца метад натуральных умоўных адзінак, пры якім аднародная, але разнаякасная прадукцыя прыводзіцца па якой-н. прыкмеце да ўмоўнага эталона. Працоўны метад заключаецца ў сувымярэнні розных відаў прадукцыі па затратах працы на іх вытв-сць (працаёмкасцю). Ён найб. дакладны, аб’ектыўна адлюстроўвае змены П.п. па асобных відах прадукцыі, прадпрыемствах і па галінах нац. гаспадаркі. Пры яго выкарыстанні неабходна ўлічваць, што прац. нормы на кожным прадпрыемстве могуць быць свае і мець розную ступень напружанасці. Найб. універсальны і пашыраны вартасны метад, пры якім П.п. выражаецца вартасцю прадукцыі (валавой, таварнай, чыстай), што прыпадае ў сярэднім на аднаго работніка. Найб. дакладны паказчык вызначаецца па чыстай прадукцыі, але яго недахопы у тым, што не ўлічвае затраты арэчаўленай працы.
Літ.:
Зайцев Н.Л. Экономика промышленного предприятия. 3 изд. М., 2000;
Куприякова Е.М. Банки и биржи. М., 1996;
Экономика труда и социально-трудовые отношения. М., 1996.
У.Р.Залатагораў.
т. 12, с. 539
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)